Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Конкурс сочинений «В тот день, когда закончилась война»

Дата: 26 апреля в 08:20, Обновлено 26 апреля в 11:33
Автор: Жаврид Н. П.

        Шчымлівы боль пранізвае сэрца і душу ад таго, што старонкі гісторыі нашай любімай, чыстай, светлай Радзімы навечна занатавалі жахлівую да мурашак, доўгую, крывавую падзею, халоднае, найстрашнейшае імя якой – вайна. Рэзка ўварваўся ў гісторыю час, калі ў адно імгненне агульнае народнае гора: бяда, няшчасце, слёзы, роспач, трывога – надоўга занялі месца бесклапотнага маленства, шчаслівага юнацтва, мудрай сталасці, ціхай і спакойнай старасці. Вайна – адна з тых падзей, якую ніколі не знішчыць, не забыць, не выкрасліць з памяці, душэўныя раны ад якой не загоіць нават час.

         Ранак 22 чэрвеня 1941 года, зусім нечаканы, нежаданы для роднай зямлі ды ўсяго чалавецтва, усё ж такі змяніўся доўгачаканым, самым радасным, шчаслівым днём светлай, годнай і вялікай Перамогі над фашызмам. Зло было выгнана ў той бок, адкуль знянацку ўварвалася ў мірнае жыццё Радзімы. На шчасце, наступіў той дзень, калі народ з гонарам адстаяў сваю Радзіму, жаданую і такую неабходную, як глыток паветра,  свабоду, той дзень, калі кожны чалавек з нецярпеннем, з непахіснай верай і ўпэўненасцю чакаў таго дня, калі скончыцца ненавісная, непатрэбная, бесчалавечная вайна. Гэты светлы, найцудоўнейшы дзень, дзень Перамогі над ворагам, дзень свабоды, міра і спакою, кожны, нягледзячы на свой ўзрост, праходзячы праз многія выпрабаванні, самаахвярна, агульнымі намаганнямі, прыбліжаў, як мог.

         Я ўяўляю, якімі ж бязмернымі былі шчасце і радасць людзей, як гэтыя пачуцці перапаўнялі нутро кожнага чалавека ў той дзень, калі скончылася вайна! Усё ж такі настаў той дзень, калі неба разрывалі гучныя, прыгожыя салюты, калі апошнія патроны нашымі надзейнымі абаронцамі не былі прыхаваны на нечаканы або небяспечны выпадак, а былі выстралены ў неба як сімвал Перамогі. Які ж салдат не марыў аб перамозе падоўгу лежачы ў сырых, халодных акопах у  час доўгіх, несціханых бамбёжак, ваюючы на полі бою?!

         Гэты дзень людзі сустракалі з усмешкамі, якія за доўгі час вайны ўпершыню былі сапраўды шчаслівымі, упершыню ўсе смела выходзілі на вуліцы родных вёсак, сёл, гарадоў. Цяпер не трэба было гаварыць шэптам і адчуваць дзікі і  немы страх ад таго, што цябе пачуе вораг, знойдзе і без прычыны, незалежна ад узросту і полу адніме самае каштоўнае, што ёсць у кожнага чалавека – жыццё. Адрадзілася магчымасць не баяцца радавацца, спяваць песні, весяліцца, танцаваць. Тады нават не трэба было і слоў, бо людскія вочы свяціліся непамерным шчасцем. А колькі замілавання ў тым, калі жыхары сустракалі салдат з вайны з палявымі кветкамі ў руках, цёплымі абдымкамі, са шчырымі словамі ўдзячнасці і віншавання!

         Настаў дзень і час, калі кожны зверне асаблівую ўвагу на прыгажосць акружаючага асяроддзя, убачыць ў ім незвычайную таямнічасць, заўважыць і ўдосталь налюбуецца прыгажосцю кветак, адчуе гукі, на якія раней не меў магчымасці і часу прыслухоўвацца да іх, так як неабходна было пастаянна заставацца пільным, бо  паўсюль было небяспечна. Невыносна балюча ўсведамляць, што на такой вялікай зямлі, здавалася, не было месца для выратавання.

      У той дзень, калі скончылася вайна, кожны зможа зноў  атрымаць асалоду ад найтанчэйшага водару духмяных траў. З гэтага мірнага дня можна будзе не спяшаючыся раніцою прайсціся басанож па траве, пакрытай буйною, свежаю, сцюдзёнаю расою, па якой так сумавалі за час ваенных суровых выпрабаванняў ногі, а не ўцякаць, ратуючыся ад ворага-злачынца, не заўважаючы ні цяпла, ні ўтульнасці роснай травы і чароўнасці навакольнага свету.

         Кожны цяпер часцей будзе скіроўваць свой позірк у мірнае неба, каб налюбавацца яркімі зоркамі, надыхацца той цішынёю, па якой так сумавалі людскія сэрцы за час вайны, адчуць спакой, а не прарэзлівы гул ад нямецкіх самалётаў, з якіх бязлітасна скідваліся снарады, якія неслі на сваіх чорных крылах над роднай старонкай смерць. У наступіўшы мірны дзень людзі жадалі вярнуць зямныя радасці, украдзеныя ворагам у нашага народа, пасяліўшы на чатыры доўгія гады ў душах толькі страх, адчай, роспач, трывогу, гэтым самым прадэманстраваўшы ўсяму свету сваё сапраўднае аблічча.

         Сустрэўшы радасны Дзень Перамогі, маці без страху і хвалявання кожны дзень будуць спяваць сваім дзецям калыханку, поўную пяшчоты і ласкі, з адданай, чыстай, як сляза, мацярынскай любоўю. Першы раз бацькі не будуць адчуваць страх за жыццё свайго дзіцяці.

         Кожны радаваўся таму, што рукі цяпер будуць трымаць не зброю, а інструменты, якімі будуць ачышчаць родную зямлю ад брудных ботаў ворага, які прайшоўся па роднай святой зямлі і аставіў след, імя якому знішчэнне, разбурэнне, апусташэнне, у той час, калі наш народ у гэтай гісторыі аставіў сапраўдны гераічны след.

         У планах народа, моцнага духам і характарам, трывалага фізічна, загартаванага выпрабаваннямі, стаяла важная задача прыводзіць усё ў парадак. Людзі марылі хутчэй дагледзець належным чынам глебу, якая была замініравана фашыстамі. Зямля ссумавалася па сапраўднай гаспадарскай руцэ, якая паклапоціцца аб ёй. Яна  чакала гаспадара, які шчыра, аддана і апантана будзе зноўку песціць яе, засаджваць збожжам.

           Многія ў Дзень Перамогі будуць успамінаць тых, каму не суджана было дачакацца гэтага светлага дня. Людзі будуць рады таму, што скончыўся той час, калі ў чарговым баі загінуць родныя, блізкія, дарагія, каханыя, магчыма, адзіныя, бо колькі іх засталося ляжаць, засыпаных халодным жвірам. Немагчыма ўявіць, колькіх прыняла маці-зямля ў свае вечныя абдымкі. Нават з наступленнем міра, бяссонныя і трывожныя дні і ночы яшчэ доўга будуць суправаджаць многіх бацькоў, дзеці якіх не вярнуліся, палеглі неведама дзе.

         Вяртаючыся думкамі ў той дзень, калі скончылася вайна, зазіраючы углыб пачуццяў чалавека, мне думаецца і аб тым, што нават час не хутка супакоіць развярэджаную душу людзей, не загоіць яе немы, адчайны крык, хіба што толькі зможа прыглушыць боль, суняць слёзы з вачэй, ніяк не ў памяці і не ў сэрцы. Жахлівыя падзеі вайны ўсё жыццё будуць біць незмаўкальным набатам у памяці не толькі яе непасрэдных сведкаў і ўдзельнікаў, але і ў памяці нашчадкаў.   

          Нішто не забыта! Нікім не забыты той дзень, калі  скончылася  вайна.  Ён навечна занатаваны на старонках гісторыі нашай любімай, светлай Радзімы.      

       

Таран Ангеліна, 10 класс

кіраўнік 

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Барысевіч Алена Рыгораўна

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.